КАРОТКАМЕТРА́ЖНЫ ФІЛЬМ,
кінафільм, у якім не больш 4—5 частак (1200—1500 м, 40—50 мін экраннага часу). У першыя гады існавання кінематографа ўсе фільмы былі кароткаметражныя. Паступова К.ф. пачаў развівацца як самаст. форма кінамастацтва. Вылучаюцца дакумент. (хроніка, кінанарысы і інш.), навукова-папулярныя (у т. л. вучэбныя фільмы і фільмы-лекцыі), мультыплікацыйныя і маст. К.ф.
Іх жанравы і тэматычны дыяпазон — ад кінафельетона, кінаказкі і кінанавелы да кінарэкламы і кінаплаката. Асаблівасці драматургічнай пабудовы — дакладнасць задумы, яснасць, лаканізм. Практыкуецца выпуск спец. кінапраграм, якія складаюцца з 3—4 К.ф. Першыя бел. К.ф. зняты ў 1938 («Маска» і «Мянтуз» паводле А.Чэхава; рэж. і сцэнарыст С.Сплашноў). У многіх краінах праводзяцца нац. і міжнар. кінафестывалі К.ф. (Обергаўзен, Мангейм, Лейпцыг — Германія; Кракаў — Польшча; Эдынбург — Вялікабрытанія і інш.). Іх паказы арганізуюцца і ў час кінафестываляў агульнага тыпу.
Г.У.Шур.
т. 8, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)